Информация

Хто як зімуе

Прыйшла восень, тэмпература ідзе ўніз, па дахах дамоў барабаніць дробны дождж. Дрэвы не пазнаць… З іх лісця прырода нарабіла прыгожых рознакаляровых дываноў, па якіх ў пагодлівыя дні вельмі прыемна ісці ды смакаваць восень. Зусім хутка зляцяць з дрэў апошнія, самыя “упартыя” лісточкі, а лужыны пакрыюцца скарыначкай лёду. Выпадзе першы снег, і ў самы знакаміты лес Еўропы – Белавежскую пушчу – прыйдзе зіма. Хто як зімуе ў лесе? На гэтае пытанне прапаноўваем вам, як адказ, цікавы твор беларускага пісьменніка, паэта і драматурга Генадзя Аўласенкі:

Моцна спіць зімой вавёрка – у яе пад снегам норка. А ў бярлозе, у бары, смокча лапу лось стары. I казуля не ўтрывала і таксама прыдрамала ў нары, у гушчары, да вясновае пары. Спіць яна і бачыць сны аж да самай да вясны.Зайцы ў вырай адляцелі, заставацца не схацелі, бо зімою халады – недалёка да бяды. А яшчэ, скажу вам шчыра, і ваўкі зляцелі ў вырай, а за імі да пары адляцелі і зубры. Замест іх павесяліцца прыляцяць да нас лісіцы, каб у нас зазімаваць, падзяўбаць-пачаставаць ягадак рабіны ды яшчэ каліны.

А бабёр па верхавінках спрытна скача па галінках. На сасне ў яго дупло – там утульнае жытло. Там арэхі пра запас, а запас зімой – якраз! Усю восень працаваў – шмат арэхаў назбіраў. I грыбы бабёр шукаў, на галінкі іх чапляў, так што зараз у бабра – процьма ўсякага дабра!

Ну, а вожык у бары спіць дзянёчак у нары. А прачнецца на змярканні – і бяжыць на паляванне.

А барсук, браткі мае, на зіму гняздзечка ўе! Там выводзіць дзіцянятак, маладых барсучанятак. А каб зімку перажыць – любіць шышкі церушыць. Трушчыць адмыслова, майстра – адно слова! Ну, а з шышак семяно – вельмі смачнае яно – ён прыносіць дзіцяняткам, маладым барсучаняткам. Корміць іх, засцерагае, цёмнай ноччу сагравае, каб яны хутчэй раслі, каб здаровымі былі.

Вось мядзведзю незадача – ён па гурбах так і скача! I баіцца, і дрыжыць –небараку цяжка жыць! Ён не мае абароны ад сарокі ды вароны. А сарокі кіпці точаць – спаляваць мядзведзя хочуць! А вароны зубы шчэраць – хочуць бедным адвячэраць! Вось такія вось суседзі злыя ў нашага мядзведзя!

Сам жа ён грызе кару ў гэту цяжкую пару. Можна ўбачыць па слядах – як ён бегаў па садах, як скакаў туды-сюды, як заблытваў ён сляды, каб у снезе дзень ляжаць ды ад страху зноў дрыжаць…

А цяпер, сябры, увага!

Можа, будзе ў вас заўвага?

Можа, штосьці я змяніў, можа, дзесьці я зманіў?

Вы ж памылкі пашукайце, дзе што трэба – памяняйце, каб звяры не бедавалі, а як трэба зімавалі.

Пастарайцеся, сябры, – дзякуй скажуць вам звяры!


Шукаць памылкі мы прапануем ў час бліжэйшых канікул у лесе, а лепей – непасрэдна у Белавежскай пушчы, дзе ў дэманстрацыйных вальерах можна пабычыць, чым на самой справе зараз займаюцца звяры.