Археалогія лясных тэрыторый

08.01.2021

Супрацоўнікі навуковага аддзела ДПУ НП «Белавежская пушча» узялі ўдзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі «Археалогія лясных тэрыторый», якая адбылася 19-21 красавіка ў Белавежскім нацыянальным парку (Польшча).

Сучасныя методыкі даследаванняў выводзяць археалагічную навуку на новы ровень. Развіццё тэхналогіі лазернага сканавання паверхні зямлі (LIDAR) стварае магчымасць адкрываць і распазнаваць раней не вядомыя навуцы археалагічныя аб’екты. Лазернае сканаванне дазваляе атрымаць найдакладную лічбавую мадэль паверхні доследнай тэрыторыі. Нават нязначныя, незаўважныя ў натуры вертыкальныя змены паверхні, лёгка адрозныя на лічбавай мадэлі. Вартасцю гэтай тэхналогіі з’яўляецца і тое, што пры сканаванні ігнаруецца ўся расліннасць, а якасць і дакладнасць сьемки дазваляе выяўляць нават барсучыныя норы. Таму дадзены метад ідэальна падыходзіць для лясных цяжкадаступных тэрыторый, у т. л. для Белавежскай пушчы.  

Археолагі, якія вядуць даследаванні на польскай частцы Белавежскай пушчы, з 2016 года маюць магчымасць працаваць з лічбавай мадэллю паверхні залесенай тэрыторыі. Вынікі ўжо дазволілі выявіць каля 2000 аб’ектаў археалогіі, такіх як курганы, селішчы, раллі рымскага перыяду, а таксама пазнейшыя аб’екты-сляды гаспадарчай дзейнасці, прыкладам, паташовыя печкі. 

У наш час акадэміямі навук Польшчы і Беларусі ў рамках кансорцыума плануецца распрацоўка супольнага маштабнага праекта, скіраванага на развіццё агульнай сістэмы маніторынгу Белавежскай пушчы, у тым ліку, разглядаецца магчымасць выканання лазернай здымкі беларускай часткі Белавежскай пушчы.