Кадр года – так ацанілі здымак спецыялісты, якія абслугоўваюць фотапасткі ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча». За год выкарыстання камер атрымана больш за дзвесце здымкаў ваўкоў. Сярод іх – драпежнікі са здабычай, сцэны пераследвання або проста маленькія ваўчаняты…
Любы кадр нёс інфармацыю, якую аналізавалі, супастаўлялі з іншымі здымкамі.
Кожны здымак – поспех, імгненне з жыцця жывёл. Але фота, калі драпежнік і ахвяра апынуліся ў адным кадры, атрымана ўпершыню. Каб мы ўбачылі гэты рэдкі кадр, не трэба было, як звычайна, высочваць жывёл днямі, а часам і месяцамі.
На нашых вачах разыгрываецца прыродная драма: для ваўка гэта прыемныя імгненні пагоні, для аленя – апошнія секунды жыцця… Многія асудзяць крыважэрнасць ваўка і паспачуваюць лёсу аленя. Але давайце зірнем на праблему шырэй.
Воўк з’яўляецца сімвалам дзікай прыроды. У натуральным для яго стане ён жыве ў раўнавазе са сваёй ахвярай: любыя змены ў папуляцыі драпежніка ці ахвяры могуць выклікаць незваротныя працэсы ў прыродзе. Драпежнік не знішчае сваіх ахвяр – воўк выступае своеасаблівым барометрам навакольнага асяроддзя.
Апошнія даследаванні паказалі, што там, дзе ваўкі палююць на аленя, не толькі асяроддзе пражывання, але і агульнае здароўе аленевага статка паляпшаецца. Яркі таму прыклад — даследаванні, якія праводзіліся ў Елаўстоўнскім нацыянальным парку (ЗША). Калі ў 1995 годзе там выпусцілі на волю чатырнаццаць ваўкоў, навукоўцы і не думалі, што яны кардынальна зменяць усю экасістэму парку. Гэтых драпежнікаў не было тут 70 гадоў, у парку валадарылі алені, якія за гады бескантрольнага размнажэння (усе намаганні людзей па кантролі іх папуляцыі не прыносілі поспеху) нанеслі вельмі моцны ўрон мясцовай флоры.
Ваўкі не з’елі аленяў, але яны прымусілі тых асцярожней выбіраць месца для пашы і пазбягаць некаторых участкаў парку. На тых месцах пачала адраджацца расліннасць. За шэсць гадоў колькасць дрэў павялічылася ў пяць разоў. З’явіліся бабры, якім дрэвы патрэбны для пабудовы плацін. У затоках завяліся андатры, качкі і рыба. Ваўкі зменшылі папуляцыю каётаў, што прывяло да павелічэння колькасці зайцаў і мышэй, а тыя, у сваю чаргу, прыцягнулі ў парк ястрабаў, тхароў і ліс. У парку павялічылася колькасць мядзведзяў, павялічылася і колькасць ягад.
Але самае дзіўнае – ваўкі змянілі цячэнне рэк, іх рэчышчы выпрасталіся і стабілізаваліся, зменшылася эрозія берагоў. Адбылося гэта таму, што ўплыў ваўкоў на аленяў прывёў да выбуховага росту дрэў і травы па берагах рэк, гэта прывяло да іх умацавання. Памянялася сама геаграфія парку, а ўсё дзякуючы чатырнаццаці ваўкам, выпушчаным туды менш за дваццаць гадоў таму.
Нешта падобнае назіраецца і ў нашай Белавежскай пушчы. Яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя навукоўцы забілі трывогу: павялічаная колькасць аленяў стала пагрозай падлеску. Створаная на базе пушчы запаведна-паляўнічая гаспадарка толькі пагоршыла праблему. Узрасла колькасць капытных, праз якіх пашкоджваўся маладняк (у залежнасці ад пароды – ад 75 да 93%). У выніку маладыя дрэвы гінулі, выжывалі толькі такія пароды, як граб і елка. «Вялікія аматары палявання» і «знаўцы вырашэння праблем Белавежскай пушчы» на працягу больш як паўстагоддзя гаварылі аб «аптымізацыі» колькасці ваўка і «рэгуляцыі» колькасці аленя. Усё гэта прывяло да катастрафічнага стану ляснога масіву. Становішча змянілася, калі большая частка Белавежскай пушчы стала запаведнай. Падкормачныя пляцоўкі былі прыбраны, і ў рэгуляцыю колькасці ўключыліся натуральныя механізмы, у якіх воўк адыграў галоўную ролю. Але ці выканае воўк ролю «архітэктара» першабытнага лесу ў Белавежскай пушчы, як драпежнікі Елаўстоўнскага парку? Гэта пакажа час і даследаванні.
Газета Звязда